Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/157

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

баючыся упусьціць хоць адно слаўцо. Калі-ж Хлёр абярнуўся к ёй з запытаньнем, Тадося перш пасьпешыла сесьці, а потым загаманіла:

— Ты ведаеш, Хлёрык, нічога ужо сапраўдней ня трэба выдумаць, як твае словы: здэцца ўсё ты казаў, як здымаў з пісанага… Акуратна!.. Чаму-ж, згодна з тваімі словамі, чаму-ж такі і ня даць Міколу пяці дзесяцін зямлі ў пасаг? Вось калі. За першаю, ды гэткаю прыгожаю дачкою… Няйначай, калі зьбяромся на Пятра на уладзіны — так і пастановім: пяць дзесяцін — або…

— Што ты, што ты, маці. — Перабіў Васіль: — мо’ хочаце сказаць: «або ня трэба вясельля?..» Не, не, да гэтага ня трэба даходзіць. А то мы гатовы папсаваць усёй справе. Нельга забываць, што Зосю сьцяражэ гэты голік. І, ведаеце, зьбівае дзяўчыну з толку…

Хлёр сурова паглядзеў на нябога і рассыпаўся ў разважаньні:

— Да што-о ты, Васіль! Кінуў бы ужо гаварыць дарэмшчыну… Рыг-ор-р! Што-о-о знача твой Рыгор? Няўжо-о-о-ж, ты думаеш, што Рыгор табе раўня?.. Хто-ж Рыгор з сябе? Лапатнік, балагол, галадранец. Ну, ушчапіў капялюх, дык ужо думаеш і паніч. Невялікая мацыя, невялікі хвэрт, нябось Мікола зразу раскусіў — калі і заікнуцца не дае аб ём… А Зося — ну, што-ж Зося? Кахае? Плюнь, яе каханьне, як туман: перад вачыма стаіць, а збоку зірні — пуста… Ты думаеш, што ніхто ня ведае, што Рыгор там у горадзе робіць. Э, не вялікая цаца! Весь сэнс ня ў тым, што ёсьць цяпер, а як можна усё жыцьцё скарыстаць, перажыць. Вось у чым гвозд… Хто скажа, што Рыгор можа з табою зраўняцца? О-о-о!

Хлёр скончыў і зірнуў на Тадосю; тая падмацавала яго рэч паважным матком галавы і гэткаю-ж самаю, як і Хлёрава, вясёлаю усьмешкаю. А Васіль — Васіль да таго быў угамонены дзядзькам, што далей ня ведаў, што больш і казаць.

«А такі дзядзька разумны чалавек! Ого-о-о!» заключыў Васіль і маўчаў, маўчаў.

— Усё так, усё… — перабіла кароценькую ціш Тадося: — твае словы, швагір — чыстая праўда. Аб нас усё мястэчка кажа, што Берагі — то гордасьць Сілцоў. Няўжо нам раўняцца з якім там Рыгорам?

— Во! Во — разумна!