Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/144

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Васіль, га-а Васіль! — вышаўшы на вуліцу, у адзін голас прагукалі Янка з Хлёрам: — Што-ж ты, брат, ашукваеш нас? Зосі шкад… баішся пакідаць. Нічога, не ўцячэ.

Васіль, пачуўшы вокліч, павярнуўся да выйсьця.

— Дабранач, Зося! — праказаў ён і намерыўся заглянуць Зосі ў твар, але тая ёмка адвярнулася, і Васіль абмежаваўся адным поціскам рукі.

У гэты час бацькі вярнуліся ў хату.

— А дзе-ж Зося? — запытаў Мікола, пераступіўшы парог і не заўважыўшы яе.

— А чаму? — перапытала Марта.

— Так, ці ня пашла часам з Васілём?

— Э, не; яна ў сенцах, мабыць.

— Ах, на яе цураха, і што яна бочыцца ўсё. Гэта-ж узяла і толькі брыдкасьці нарабіла, так абышоўшыся з імі. Скажуць: навучылі.

— Ды пакінь, гэтага ня скажуць… Дурная яшчэ, я табе скажу. Унь ушалопала сабе нейкага там Нязвычніка. Прогліца яго якраз прыгнала з гораду…

Мікола паматаў галавою і задумаўся.

Марта паглядзела на яго і прамовіла:

— Чаго думаеш!

Мікола раптам сышоў з месца.

— Э, нічога… Давай лажыцца спаць, заўтра абсудзім на сьвежую голаў.