Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/143

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Павер, сват, зусім не… На што на усё зьвяртаць увагу.

— Ды яно-ж то так, вядома, толькі…

— Нічога, нічога…

— Ну, та годзі аб сім… Дай толькі, сваце, іх зьвязаць разам, тады само жыцьцё іх усьцягне на дарогу… Я думаю, што з кожным з нас так траплялася ў тыя часы, калі мы былі яшчэ хлопцамі: хто з нас не хванабэрыўся, хто не капрызіўся. Бач, помніцца мне, як я сам, бывала, — не падыходзь ка мне… Толькі, сваце, тое, што Васіль зусім ужо іншы чалавек, дык, здаецца, чаму-б яго злаваць. Будзь да яго добраю Зося — дык наколькі яшчэ ён палепшае-а-а! Мяккасьць заўсёды мяккасьцю дастаецца… А то, я бачу, ён хіліцца да яе, а яна і ня дбае.

Мікола паважаў свата, як разумнага і хітрага чалавека і да яго рэчы прыслухваўся, як ня трэба шчырэй. А словы Хлёра лісьцілі яго, казлыталі пачуцьцё, і Мікола наперабой пераказваў: «згодзен, зго-о-о-дзен», а каб Хлёр болей верыў, абымаў яго і цалаваў. Марта стаяла паміж імі, злажыўшы рукі на грудзёх і ўмільна давала волю задаволенай ухмылцы на парыжавеўшых шчоках. За кожным спадабальным ёй словам, яна сьмяялася і азіралася на дачку, якая ціхенька, няпрыкметна стаяла ў мыцяльніку, прыдаўленая адваротным торгам.

Усе быццам і забыліся, што яны вылезьлі з-за стала, каб ісьці да дому; гутарка абяцала ня мець канца. Каб ня певень, прагукаўшы за акном, у якое раптам павярнуліся усе, дык яшчэ-б ішлі рады, але Янка, абярнуўшыся к усім, праказаў:

— Вой, ужо-ж раніца. «Едзьма, сваткі, да дому-у»…

Хлёр кінуўся Міколу на шыю, расцалаваўся з ім, потым паўтарыў гэта з Мартаю і, хапіўшы Янку пад руку, зацягнулі ў дваіх п’янымі галасамі песьню і вышлі з хаты.

Уся сям’я Прыдатных правяла іх на вуліцу…

Васіль спыніўся, каб прайсьці з Зосею, але Зося, як стаяла ў хаце, дык і не кранулася з мейсца.

— Зося, ну, дык чаму ты так ганорна? — закінуў Васіль.

— Я? — нічога… — суха, упаўголаса адказала яна.

— Дык за што-ж ты злуеш на мяне?

— Прашу цябе, Васіль, не раздражняй мяне…

— Нават так? — жахнуўся Васіль.

Зося не адказала.