Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/101

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Зося саромна скасіла ўзрок і, стрымоўваючы ў нутры кіпучае пачуцьцё ласкі, моцна, порыўкам, сапла. Рыгор ня спускаў з яе вачэй, прыслухваўся к яе сопу і гультайна, нярухома сядзеў на адным месцы, як бог у нірване. Потым асьцярожна падаўся назад, выняў з-пад боку руку, галавою прыблізіўся ня к яе твару і сказаў:

— Чаму ты маўчыш? Аб чым думаеш?

— Так, ні аб чым, — коратка адпавела Зося: — вось скажы мне, чаго ты так пільна ўглядаешся ў мой твар? Ты колеш мяне сваімі ўзрокамі! — дабавіла яна і прыапусьціла векі.

— А на каго-к мне глядзець? Я і чакаў таго, каб паглядзець.

— Ты хлусіш, Рыгор. Ты кпіш…

— Я, кплю? Адкуль ты ўзяла гэта?!.

— Няўжо ты ня хлусіш?

— Ні каліва. І ня думаю.

Рыгор абняў Зосю і надарыў яе зацяжным пацалункам.

Зося не чакала гэтага і сарамліва апусьціла вочы к долу.

З-за куста пачуўся лёгкі хруст, быццам пад нагою зламалася ветка. Рыгор хутка падняўся на ногі і пачаў узірацца. Аднак, нідзе нічога ня было відаць. Спакойныя хвоі, як і заўсёды, глядзелі ў неба сваімі зялёнымі іглістымі каронамі, адкідаючы ад сябе доўгія слупы ценяў, канцы якіх упіраліся ў кусты і гінулі. У кустох, як заўсёды, лёталі малюсенькія пташкі, валовы вочкі, рэзва чвырыкалі, лавілі мошак і асаладжваліся жыцьцём. У прагаліны адсьведчвала яскравае сонца.

— Нічога і нікога, — праказаў Рыгор, апускаючыся ізноў на зямлю.

— Давай пройдземся далей; ну, хоць за Алешную сьценку, — запрапанавала Зося.

— Пойдзем, — згадзіўся Рыгор, і спрытна стаў на ногі.

— А кудэю пойдзем: між граніцу, ці лесам? — запытаў ён.

— Лесам лепей.

Яны крануліся і пайшлі…

Першыя крокі ім удалося зрабіць па выцерабленым і вымятым мейсцы, а далей дарогу пачалі загароджваць густыя арэхавыя і яловыя кусты, ламаччо. Прыходзілася хвіліна ад хвіліны згінацца, каб не зачапіць гальля, вярцецца ў бакі, азірацца. Павуціньне лезла ў вочы і ліпкімі серабрыстымі ніткамі абляпляла іх твары; садзілся на лоб і шчокі мошкі, тулі авадні. А духата — ажно бялізна прыліпала к целу…