Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/73

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

II

Мястэчка Ступа, у якім жыў Сымонка з бацькамі й сестрамі, стаяла пры рэчцы Плаўні. Пачынаючы з пятнаццатага году, яно ўвайшло ў вадакрут вайны і не пазбаўлялася яе ажно да прыходу на Беларусь бальшавікоў. Праз чатыры гады ўсякія страхі абыймалі Ступу і ступаўцаў жалезным колам страляніны, чырвоным полагам пажараў. Забываліся падлічыць, колькі разоў пераходзіла мястэчка з рук у рукі: адны прыходзілі — бралі, выдавалі свае законы, пасьля аднекуль зьяўляліся другія — адбіралі ад першых, адмянялі іх законы й парадкі. І кожны раз у гэткіх выпадках ішла страляніна, валяліся па вуліцах раненыя і забітыя людзі, стаяў шум, траскатня. Міжвольна ступаўцы прымірыліся да гэткай сваёй долі. Найбліжэй зрадніліся з неспакоем дзеці. Іх цікаваму задзёру хапала досыць яды, а на дзіцячую чулую душу было чаму ўплысьці.

Захапіла ваеннае паветра і Сымонку. Ён часта-густа станавіўся правадніком у дзіцячых гульнях у вайну. Гэта да таго падабалася Сымонку, што ён і слухаць не хацеў бацькаўскай гутаркі аб інжынэрстве. «Зрабеце з мяне лепш афіцэра, і я буду з палякамі ваяваць», — адказваў бацьком Сымонка. Тым болей яго падбівала вайсковасьць, калі бацькі, гутарачы аб забраўшых Ступы і ваколіцы палякох, пракліналі іх і чакалі скорага збаўленьня.

Сымонкаў бацька больш сямі месяцаў пры паляках ня меў работы і два разы быў заарыштаваны за лаянку польскіх парадкаў. З вялікімі труднасьцямі прышлося ўсадзіць Сымонку ў школу. «Кепля — «бальшавік», казалі палякі й рабілі яму ўсякія злачынствы. За гэта Сымонкавы бацькі і клялі і лаялі палякоў. Ды не адны бацькі! Сымонка бегаў да таварышаў і чуў, што таварышавы бацькі таксама точаць зубы на «паноў-захопнікаў». Запала і ў яго чулую дзіцячую душу гарачае пачуцьцё крыўды і помсты да агульнага ворага. І з гэтага часу ў сваіх гульнях з дзяцьмі Сымонка перамяніў характар і выразнасьць дзеяў, ахрысьціўшы немцаў — паля-