Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/72

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Вядома, што так было-б вельмі добра, каб выстарчыла нашых сіл. Але тое блага, што гэта гатова стацца нам не пад сілу. Заработкі нашы невялікія — толькі што пражыць сяк-так хапае. Ды то, бачыш во, на зьняпад ідзе тваё рамяство. Умяшалася гэта рэволюцыя і як ёсьць, усё ўверх дном паставіла. Чакалася аднаго, а напаткала другое. Тымчасам сілы твае пакрысе растаюць… Няведама, Андрэй, як яно выйдзе.

Луцэя судзіла пасвойму, як і заўсёды, а ў нутры сваім думала: «будзем старацца з усіх сіл».

— Кінь ты, дурная, сваю няверу, — перабіваў Луцэю Андрэй, — ну, хай пакуль і цяжэй чуецца, але гэта часова так… Гэтая цяжкасьць мінецца, пяройдзе, і нашаму брату-рамесьніку куды лягчэй зажывецца. Мала што бывае… Паглядзі, колькі ўсякіх труднасьцяй прышлося спаткаць рэволюцыі на сваім шляху: тут і немцы, тут і палякі… Апошнія ўжо болей паўгода, як топчуцца і дратуюць нашу зямлю. А прагонам іх — іначай пойдзе. Будзе навука нашай — і сродкаў ня так шмат патрабуецца на Сымонку, каб яго вучыць… Навучым, за інжынэра вывучым…

Калі так казалася пры Сымонку, то ён пільна слухаў бацькоў, здавальняюча ўсьміхаўся і падрастаў на некалькі каргоў. «Буду інжынэрам! Буду інжынэрам!» — пераказваў ён па некалькі разоў сам да сябе, а бацьком хваліўся:

— Мяне, татачка, мяне, мамачка, вельмі любіў настаўнік: заўсёды казаў, што я старэнны і здольны яго вучань, паслухмяны хлопчык, што з мяне могуць выйсьці людзі.

— Ай, ды ты мой разумнік, — гладзіў Андрэй па галоўцы свайга сынка, — выйдуць, выйдуць з цябе людзі! — і цалаваў.

А Луцэя дадавала ўсьлед:

— Трэба, Сымонка, быць чалавекам, трэба. Выйдзеш сам у людзі і сваіх сястрыц выведзеш.

Параска й Марылька згодна й рашуча заключалі бацькаўскія гутаркі па свайму разуменыню і дапаміналі бацьком:

— Як Сымонка паедзе вучыцца за інжынэра, хай нам лялек прышле.