Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/314

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Чаму гэта?.. Што тут за штукі такія! — пагарачыўся Ладымер і зразу прыціх, успомніўшы пра Даміцэлю. — Пашукай чаго; а не — на грошы ды пастарайся купіць.

Нічога не адказаўшы, Акіліна выйшла з кватэры. З-за дзьвярэй пазвала Паўлусіка і вялела яму паклікаць бабулю. Хлопчык хутка пабег па калідоры.

— Скажы, хай баба йдзе дасьць есьці бацьку, — пусьціла за ім удагонку.

Сама-ж выйшла на дзядзінец, пастаяла крыху каля ганку і крута павярнула к парку.

Увайшоўшы ў парк, Акіліна, разам з подыхам асьвяжаючага паветра, пачула ў сваім нутры цяжкае, балючае самапачуцьцё: як быццам-бы хтосьці сьціснуў яе сэрца і прыпыніў на самым развою ажыцьцяўленьне салодкіх выпакутаваных у апошнія хвілі надзей, быццам раптам пагасьлі ўсе агоньчыкі толькі-што народжаных жаданьняў, разьлічаных плянаў, і яна асталася аднэю-адна, чужою для сваіх і для чужых. Ногі пераступалі міжвольна, бо ў яе ня было ніякіх намераў, ні рашчогаў, куды йсьці і што рабіць. Вакол вісела цёмная заслона, канцы якое сыходзіліся ў кватэры, у істоце прывезенай Ладымерам дзяўчыны, а ў сэрцы, сьціснутым, хвалявала бурлівая, ядавітая злосьць. Штохвілю Акіліне рабілася цяжэй на душы і штохвілю злосьць мацней стукала ў мозаг.

У гэткім становішчы, бяспытальна, яна прайшла ўвесь працяг дарожкі, вярнулася назад і заламала направа. Прайшла яшчэ ганоў са двое і пасьля прысела пры кусьце агрэсту. Доўга прасядзела, кіпучы і згараючы ў нарастаючай злосьці. Падкінуліся сударгі, нэрвовасьць. Акіліна вярцелася і так і сяк, зрывала лісьце з агрэсту, не зважаючы, на калюшкі, шчыпала траву, закідала голаў кверху, топячы пагляд у гушчы лісьцяў. Не зважала на пяяньне птушак, ня дбала пра шэршні, якія гулі вакол яе. Нешта пазывала яе знайсьці выразнае рашэньне, разарваць кола заварожнасьці, пераступіць вынікшы рубікон. Але, як і што? Якімі сродкамі, якім чынам? Акіліне рабілася душна ад ахапіў-