Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/299

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дзеньні ўжо сядзелі поруч Ладымер з Парогам, а на пярэднім умешчваўся агароднік. Фурман Посік папраўляў вупраж.

З-за вярхоўяў ліп выскоўзвалі разгалістыя пукі чырвонага праменьня, накладаючы на куцы дзярэў цёмна-алавяны адбітак хмурнасьці. За паркам, к лесу, чуўся сьвіст жалейкі. Рэзвая жоўтабрушка, седзячы на вытыркнутай галіне ліпы, заліўным шчэбетам вітала радаснае нараджэньне дню. Яна трапятко азіралася вакол і паглядала ў вокны муроў, ачырвоненыя з-пад даху ўсё больш і больш распаляючым полымем усходу. Паціху, украдкай Акіліна прачыніла вакно і ў маленькую шчылінку між рам уваткнула нос. Дыхнуў мяккі, плаўкі вятрыска, студзячы яе цела праз шырока выразаны горс абінталяжанай белай кашулі. Некалькі палоек цяжкіх густых кос апусьцілася ёй на твар, заказлытаўшы шчокі. Акіліна адхіліла іх за вушы і працерла вочы.

Між тым фурман сеў збоку агародніка, аглядзеў воз і пагнаў коні. Грукат калёс як-бы нешта дапомніў Ладымеру, які азірнуўся на вокны свае кватэры, мерачыся каго-кольвечы ў іх угледзіць. Ці прымеціў ён профіль Акілінінага твару, ці толькі абмежаваўся трыма пустымі вокнамі з ліцавога боку — нельга было ўгадаць. Пэўней, што апошняе, бо, наколькі адмячала Акіліна, яго выгляд твару нічога не выдаваў.

Калі воз схаваўся за паваротам дарогі між платоў парку, Акіліна адхілілася з вакна, больш яго прычыніла і зацяжна пацягнулася, шчапіўшы рукі на галаве і выдаўшы ўперад грудзі. Тонкая кашуля, аблегшы шчыльна сьпераду, вымулявала прыгожыя формы яе нязношанага, пружыністага цела. Акіліна зацяжна ўздыхнула, кінуўшы думкаю к Цыбуліну, і раптам зымяніла позу: апусьцілася, схіліла голаў і ціхаю няўвернаю паходкаю адышла к ложку. Паўлусік ляжаў распрануты і моцна, запоем хроп. Здаровы выгляд, руж на шчочках ухарошвалі хлопчыка. Акіліна некалькі хвілін глядзела на яго і, як ніколі, адчувала ў сабе прыліў глыбокай мацярынскай прыязьні. Ня стрымалася — і пацалавала ў заплюшчаныя вочкі, падмалёваныя густымі доўгімі