Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/298

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

нукаўся з каровамі, рыпаючы варотамі хлявоў. Гергяталі гусі ў сьвіронку.

Ладымер падышоў к вакну не адзяючыся і паглядзеў на дзядзінец к вазоўні. Якраз канюх Посік адмыкаў вароты, азіраючыся ў бок стайні. Ладымер прыняўся гатавацца ў дарогу, асьцярожна тупаючы па пакоі. Адзеў порткі, памацаваў клунак з ядою і пайшоў мыцца. Бяручыся за конаўку, заглядзеўся і выпусьціў з рук. Конаўка стукнула аб зэдлік.

— Хто там?! — раптам заварушылася Акіліна.

Закрактала цешча.

— Сьпеце, сьпеце, гэта я, — супакоіў Ладымер.

— Ужо едзеш? Мо’ мне ўстаць і памагчы што? — выказала знарочыстую клапатлівасьць Акіліна.

— Сьпі, не клапаціся, сьпі.

Ладымер ціхутка ўмыўся і адзеўся, выпіў малака, прыгатоўленага яму на сьнеданьне, і пашоў з кватэры, каб падагнаць фурмана. Але толькі вышаў на дзядзінец, як раптам стрэўся з Парогам, які бег да яго.

— Я па вас, коні гатовы. Ідзеце за рэчамі.

Ладымер хутка павярнуў назад у кватэру. Асьцярожна, моўчкі прачыніў дзьверы, забраў клунак і паліто і вышаў. Пераступаючы парог, ён азірнуўся к ложку, на якім спала Акіліна з Паўлусікам, паглядзеў і бяздумна адвярнуўся. На сходах яму закарцела вярнуцца й пацалаваць абоіх. Ладымер павярнуўся, зрабіў некалькі крокаў назад, але штось яго спыніла, і ён спусьціўся ўніз, разважаючы сабе: «Няхай сьпяць. Навошта трывожыць!»

Але Акіліна зусім ня спала: яна ляжала ў лёгкай дрымоце праз увесь час, пакуль Ладымер зьбіраўся ў дарогу, тужылася ўстаць і не магла — як-бы што трымала яе, прывязаўшы да ложка. Лёгкі стук дзьвярэй, зачыненых Ладымерам пры выхадзе, сагнаў дрымоту і канчаткова яе абудзіў. Акіліна паднялася з ложку, пацягнулася й падбегла да вакна. Працёрла вочы й паглядзела на дзядзінец, адкуль чулася гутарка. Каля рогу будынку стаяла падвода, запрэжаная параю коняй у дышаль і напоўненая сенам. На заднім ся-