Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/285

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

звычайна ў сялянскім быце. Тым болей загудзела гутарка аб майстры, калі ён узяўся за працу. Асабліва з цікавасьцю чакалі ад Ладымера наладжаньня ім тэатру. Толькі ён агледзіў памяшканьне, як усе забубнілі аб акторскіх здольнасьцях Ладымера.

Тэатр вельмі гостра чапаў жыхароў саўхозу, і яны не аднораз скардзіліся самі сабе на адсутнасьць у іх жадных забаў. Калі адзін раз упраўляючы Парог успамянуў аб патрэбе тэатру для саўхозу, то моладзь не давала яму спакою, закідаючы пытаньнем — калі-ды-калі, нарэшце, ён яго ўладуе. Упраўляючы перш абяцаў у блізкім часе, а пасьля скардзіўся на няйменьне часу… Цяпер-жа, з прыездам Ладымера, ён зарадаваўся, што гэта справа можа ажыцьцёвіцца, і ўсім хваліўся, што тэатр наладзіць мэханік. Парог абяцаў Ладымеру ўсякую дапамагу ў справе пастройкі тэатру, і, калі Ладымер прыступіў да гэтага, упраўляючы набраў да дзесяцёх чалавек моладзі і прыслаў пасабляць Ладымеру. Стараўся пасабляць і сам.

Гэткім чынам, ужо праз тыдзень у Скуплях стараньнямі Ладымера была пабудована сцэна і ўмайстрована ўсё для тэатру. Асталося намаляваць заслону, некалькі дэкорацый і здабыць трохі грыму. Ладымер узяўся і гэта зрабіць, прыўрочыўшы на паездку ў мястэчка Кругі. Недастача адмечаных рэчаў лічылася ім нясур’ёзнай, і ён, сваім чарадом, пачаў адшукваць хлопцаў і дзяўчат для развучваньня роляў у намечанай да першай пастаноўкі «Паўлінцы». Галоўныя ролі Ладымер думаў раздаць Акіліне, Парогу і сабе. Аб гэтым пляне Ладымера хутка праведалі ўсе скуплеўцы, і шмат-шмат гутаркі разьвялі па саўхозе. Водгаласкі яе разьляцеліся нават па вакольных вёсках.

Акіліна чула гэтыя гутаркі на кожным кроку. Выходзіла з хаты на дзядзінец, ішла да каго пазычыць што-кольвек, вечарам, седзячы на прызьбе, — усягды і ўсюды яе распытвалі жанкі і дзяўчаты, ці скора таварыш майстар наладзіць тэатр. Многія кабеты няскрытна лісьцілі ёй у вочы, хвалячы Ладымера і лічачы яго за дарагога для іх чалавека.