Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/278

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ленінград і ўступіўшы ў культурна-асьветнае рабочае вобчаства, іграў у рабочым клюбе; а з часу ўзвароту на бацькаўшчыну, пасьля Кастрычнікавай рэволюцыі, езьдзячы па саўхозах, першы ўсюды наладжваў тэатральную справу. Таксама прывучаў ён да акторства й сваю жонку Акіліну, якая, праўда, невялікую ахвоту мела да частых «выступленьняў», але для рознастайнасьці не адказвалася выпаўняць просьбу мужа.

Рашыўшы ехаць у Скуплі, Ладымер, між усім іншым, меў у воку павясьці ў іх шырокую культурную чыннасьць. За два гады жыцьця па саўхозах ён убачыў, што з яго хоць і невялікімі ведамі, але з гарачаю ахвотаю, можна прынясьці вялікую карысьць цёмнаму сялянству. Гэту карысьць ён бачыў у правядзеньні сярод сялян культурнай працы, галоўвым чынам, праз організацыю тэатраў. Мітынгаў Ладымер не паважаў і ня бачыў ад іх тае карысьці, якую, па яго, дае тэатр.

І вось, угледзеўшы вялікую залю, самае важнае для заснаваньня тэатру, Ладымер увесь растаў ад душэўнага ўміленьня і раптам захапіўся думкаю, каб як найхутчэй яго наладзіць.

Упраўляючы зваў яго йсьці ў сад, а там у паравік, знарок выходзіў на ганак, пасьвістваў і злаваў, што траціцца час, а Ладымер і не зважаў, як нібы-то той, хадзіў па залі, вымяраў шагамі даўжыню й шырыню, плянаваў выгляд сцэны і нават перакідаў думкамі назовы розных беларускіх і расійскіх п’ес.

Так прайшло добрых поўгадзіны, прайшло-б і болей, каб Ладымеру не памяшалі жонка з канторшчыкам, якія прышлі к ім, каб разам пайсьці агледзіць саўхоз.

— А мы вас шукаем, а мы вас шукаем! — з наднай рэзвасьцю не праказаў, а прагукаў канторшчык.

— Уладзя, ты-ж яшчэ нашча, мо’-б пайшоў чаго перакусіць? — ад сябе запрапанавала разьвясёленая Акіліна. Ладымер хмурым поглядам акінуў жонку й Цыбуліна, прамаўчаў момант і суха адказаў:

— А вы-ж там найшлі што паесьці, ці і ты галоднай бегаеш з таварышам Цыбуліным?