Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/277

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Сюды, вось, таварыш Ложка, пойдзем праз сад, сюдэю бліжэй, ды па дарозе я сумею паказаць вам сад… Шкода толькі, што я яшчэ ня еўшы…

— Я таксама. Ды, прызнацца, ужо хочацца. А ў вас, пэўна, тут нечага дастаць? — пацікавіўся Ладымер, пералазячы платы.

— Так, трудна; апроч малака, амаль што нічога нельга дастаць. Ведаеце, адкуль-жа яно будзе. Мяса й сала купляем у Кругох. А калі ў каго й ёсьць, то для сябе… Выбачайце, — перабіў самога сябе Парог, — я зусім забыў вам паказаць яшчэ залю, дзе я думаю зрабіць тэатр… Ведаеце, зразу не разарвешся на ўсё. Трэба й тое, трэба й тое, а без тэатру, прызнацца, і нуднавата ў нас, у глушы. Зрэдку езьдзім у мястэчка, але ўсе не паедуць і часта не паедзеш, а тут-бы можна было спэктаклі ладзіць і вясьці культурную працу… Да бяда — не з кім, таксама… Вось зойдзем…

Парог павярнуў направа і вывеў Ладымера к балькону ў сад, з якога калісь паны Крэўскія любаваліся клюмбамі кветак, сажалкаю і маладым садком. Па шырокім многаступенным ганку яны падняліся да шырокіх шкляных дзьвярэй і ўвайшлі ў залю.

— Вось тут колісьці паны рабілі балі. Бачыце, колькі прастору, які тэатр можа быць, і выгляд добры… Я ўсё зьбіраюся зрабіць сцэну, ды што-ж — адзін…

— Я вам памагу, таварыш Парог, — шчыра выказаў Ладымер, здавальняючым паглядам абводзячы прастору вялікае залі. — Чаго-ж хацець, тут можна добрую сцэну ўстроіць! Вось к тэй сьцяне, а з тае ўваход. Памесьціцца, думаю, чалавек да трохсот. Я вам памагу… Я так люблю гэту справу!

Ладымер выкінуў з памяці тое, што ня еў, забыўся, куды йшлі, і ўвачавідкі цешыўся будучым тэатрам, які ён паставіць на належную вышыню і зробіць асяродкам культурнай працы.

Трэба к выпадку адмеціць, што, па словах Ладымера, ён змалку меў цягу да мастацтва, некалі прымаў удзел у аматарскіх спэктаклях у сваім мястэчку, пасьля, выехаўшы ў