Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/275

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Цікава, цікава! — шчыра адказаў Ладымер: — З вялікаю ахвотаю пагляджу, толькі… таварыш Парог, я-б хацеў наконт кватэры ўладаваць, а то, ведаеце, мне будзе рупець гэта і адбіваць ад усяго ахвоту… А так я шчыра рад мець таварышам гэткага, як вы, старэннага чалавека; я разумею, што з людзьмі, каторыя ахвотна і шчыра аддаюцца справе, мы скора адбудуем наша гаспадарства…

Упраўляючы быў палішчан словамі Ладымера і, забыўшы аб напамненьні ім пра кватэру, адышоў ад яго к другой купцы расьлін і загаварыў:

— Вось гэта тырольская капуста. А гэта цукровыя белыя буракі. На дзіва ўдаліся… А вунь там далей — памідоры скорасьпелыя…

— Так, так… Выбачайце ўсё-ж, таварыш Парог, я-б папрасіў вас наконт кватэры.

— Ах, я забыў, — прабачыў упраўляючы і сьпешна павярнуў к ганку: — ідзем, калі ласка, ідзем, я вам пакажу памяшканьне.

Яны ўвайшлі ў будынак. Парог заскочыў у сваю кватэру, узяў ключ і павёў Ладымера па вітых драўляных усходах на другі паверх.

— Тут, якраз асобна ад другіх, ход па калідоры, маюцца тры пакоі. Дагэтуль іх ніхто не займаў, бо трэ’ крыху прыбраць, абгледзіць, падстроіць. Для вас, памойму, зусім падходзіць, — казаў упраўляючы, паціху адпіраючы дзьверы: — праўда, пуставаты, вось бяда. Няма адкуль мэблі ўзяць — усё разламалі, раскралі, пабілі… але можа што-колечы нойдзем, а рэшту вялю сталяру, то ён зробіць.

Парог адчыніў дзьверы. З шырокага, з высокай стольлю, пакою на пяць вокан панясло сырасьцю і затхласьцю. Ладымер скрывіў нос, зацягнуў нявыразным зыкам і абглядзеў вакола сьцены, столь, падлогу.

— А другія дзьве каморкі? — запытаў ён у Парога.

— Уласна кажучы, яшчэ адна, там направа, а другая была выгараджана з гэтай вялікай; вось-вось, на тым месцы. Цяпер дастаць дошчак і можна будзе аднавіць сьценку…