Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/274

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

даваць з памяшканьнем, аглядзець паравік і пачынаць работу.

Ён ад натуры быў чалавекам руплівым, працаахвочым і ня любіў ні трошкі аставацца бяз дзела. Калі браўся за работу, то ні на адзін міг не адрываўся ад яе, ці робячы рукамі, ці плянуючы ў думках. Ладымера цешыла, што ён вядзе «процэс» будаўніцтва, што ўкладае ў працу машыны жыцьця часьцінку свае энэргіі, ведаў. Але яго непакоіла нявыразнасьць становішча, і кожны раз перад тым, як пачаць работу на новым месцы, ён лічыў патрэбным забясьпечыць сябе з боку асталяваньня. Ладымер лічыў немажлівым сур’ёзна аддацца працы, калі хоць што-небудзь адцягае ад яе яго ўвагу, яго думкі.

Прышоўшы на кватэру ўпраўляючага, Ладымер не застаў яго ўдому. Некая кабета сказала яму, што таварыш Парог вышаў на гарод.

— Выйдзіце вось сюдэю і вы яго там угледзіце, — параіла яна, паказаўшы Ладымеру выйсьце.

Ладымер вышаў і тут-жа каля муроў, між расьлін, угледзіў упраўляючага. Той з асаблівай цікавасьцю корпаўся над пуком насенных буракоў і капусты, перапінаючы вяровачкаю ад калка да калка, каб насеньнік не пахіляўся. Упраўляючы да таго быў аддадзены рабоце, што нават не пачуў, як стукнуў Ладымер дзьвярыма, і ня прыкмеціў, як ён сышоў з трохуступнага ганачку. Ажно сумеўся ад нечаканага выклічу, які падаў Ладымер, не даходзячы крокаў чатыры:

— Таварыш Парог, добрае раніцы!

Упраўляючы раптам адхіліўся ад насеньніка і абярнуўся да Ладымера.

— А! Таварыш Ложка, здрастуйце! Як спалі? Што так рана прачнуліся? — адказаў Парог, усё яшчэ ня могучы кінуць работы і водзячы вачыма з насеньніка на Ладымера ды назад. — А я вось, бачыце, штораніцу надзвычайна люблю ахайваць расьліну… Дзякуючы мне, глядзеце, так разбуяў гарод. Шмат працы палажыў. Калі хочаце, давайце пройдзем вакол, і я вам пакажу?