Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/210

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А калі спрэчкі пачаліся, дык толькі й чуўся з вуснаў кожнага прамоўцы жывы, гарачы водгук на воклік дакладчыка. У кароткіх, няскладных прамовах цэлы шэраг сівых барадатых сялян засьведчылі сваю ўвагу, сваю спагаду да савецкага ладу ды яго парадкаў. Атрымоўвалася ўражаньне, мэрам-бы ўся нарада сабралася ў іспалком, каб урачыста прывітаць тую гадзіну, якая прынесла ім жаданую волю.

Гэты настрой кідаў Сідора то ў жар, то ў холад. Штосьці цягнула яго хутчэй уцякаць, а разам другая сіла прыкоўвала яго к месцу. Марыля некалькі разоў звала яго выйсьці, але ён аднекваўся і ня пускаў.

— Вось хай скончаць гэта пытаньне — няпраўда, прарвецца! Вось мо’ хоць адзін прамоўца знойдзецца, — папрасіў Сідор Марылі, калі яна пагрозілася пайсьці аднэй.

— Ну, добра! Толькі адзін, — згадзілася яна, — усё роўна нічога новага ня скажа.

Якраз гэтым адным папаў Юрка. Сідор ня прымеціў, як той апынуўся ля стала, але толькі прымеціў швагра, як моцна скалануўся ад гневу і азірнуўся на Марылю:

— Бачылі гэта?

— Юрка! — прашаптала тая. — Пачуем, што скажа!

— Не, годзе! Ідзем! — папрасіў Сідор Марылю.

Таўхаючыся між людзей, яны пайшлі да дзьвярэй, а ўсьлед ім нясьліся гучныя словы Юркі: «Мы павінны помніць адно: што нам далі польскія паны і што зрабілі нам бальшавікі. А памятаць паноў кожны мае завошта — з іх імем зьвязана наша няволя, зьвязана разбурэньне краю, гвалты, пажары. Толькі бальшавікі нам далі волю, толькі ад саветаў — наша свабода й сьветлая будучына».


VII

На конфэрэнцыі ў іспалкоме былі таксама Паўлюк, Мірон ды Варвара. Яны прыйшлі шмат раней Сідора з Марыляю й занялі месца ў бакавым пакоі за сьценкаю, так што іх ня было відна з канцылярыі. Стоячы там, яны не маглі