Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/205

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Паўлюк ізноў падазрона паглядзеў вакол й прыцішаным голасам адказаў:

— І сялянства такое самае… Што-б ні сказала савецкая ўлада — тое й робіць… Усе павіннасьці выпаўняе, усе прыказы слухае… — Ён яшчэ прыцішыў голас. — Толькі вось летам крыху было раскалыхалася, ды то бяспуцёва… А пасьля — як пляйстрык да цела, ліпне да саветаў. Спадабала, Сідор Гарасімыч, спадабала гэты лад… Чаму? Што? — толку не дабраць…

Сідору цяжка было далей што-кольвечы казаць. Яму не хацелася верыць тэй зьяве, якая яго аколіла й канчаткова труціла ўсе яго надзеі на скоры канец нялюбай яму ўлады. Месца службы, дзе ўдавалася яму прысябравацца да ўмоў, выцягаць мажлівасьці да самавітага жыцьця і поруч псаваць машыну працы ці, па-ягонаму, «ужываць змаганьне з нялюбым людам», тое месца паказалася яму страшыдлам з вушамі й вачамі, з языком, які, чаго добрага, толькі ён, Сідор, прыедзе, усё выкажа, усё выявіць. «Ці варта варочацца назад, ці мае мэту зрабіць гэта? Для чаго й нашто? Якая карысьць?.. Але не вярнуцца туды — то дзе-ж дзецца? — Не астацца-ж тут вось, у Вікурах, дзе нядаўнія таварышы сталі бальшавікамі, ня хочуць з ім лічыцца, а з часам гатовы… ой… Трэ’ будзе ехаць, хоць»…

— Сідор Гарасімыч! — перабіў Сідаравы думкі Паўлюк, калі яны падыйшлі да вуліцы, на якой стаяла хата Сідоравай сястры, — што-ж, можа вечарам прыдзеце да Марылі?

— Ня ведаю…

— Прыходзьце сёньня, «тыя» ня прыйдуць. Мы адны зьбяромся й пагуляем.

— Ня ведаю…

— Ці-ж цэлую ноч сядзець дома?

— Можа й прыду.

— Прыходзьце.

На гэтым яны разыйшліся. Сідор пасьпешна, ня кідаючы думак, пайшоў праміком да сябе на кватэру і ўжо да заўтрага нікуды ня выходзіў.