Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/195

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Гэткім чынам пляшка амаль без пярэдыху была апарожнена. Агнэса яе прыняла са стала й частавала госьцяў закускаю.

Наліўка падвесяліла ўсіх. Але больш другіх выглядала гэта на Сідору. Ён раптам перайначыўся, адагнаў ад сябе задумлівасць, сум і стаў непазнана рэзвым і храбрым.

— А ведаеце, — перабіваючы ўсіх, пачаў ён казаць уголас, — я ніколі ня думаў, што так выйдзе. Я не спадзяваўся, прызнаюся адкрыта, што ўсё так перайначылася тут, у Вікурах… Дзіўна! Глуш, яма, — а глядзі ты! Не пазнаць… Не пазнаць нікога… нікога… Як быццам-бы я сяджу ў тым-жа Менску ці Гомлі…

Сідор адхіліўся да сьцяны і ня сьціхаючы курыў, старэнна размахваў рукамі, кажучы да Андрэя:

— Найбольш усяго, я не чакаў таго ад цябе, Андрэй. Не чакаў, што ты станеш тым, чым я цябе сёньня сустрэў… Ехаў і думаў: сустрэнуся з таварышамі й хоцькі душу адвяду… Пагутарым, успомнім мінулае, пацешымся і… адпачнем душою… Прызнацца, пераступаючы іспалком, тое думаў… Чаму-ж не? Ласьне нельга быць іспалкомцам і ненавідзець гэтую ўстанову, працу ў ёй і… усё!.. Думаў, а яно — на табе… Цяпер… выбачайце, можа я кажу гэта, а заўтра вось Андрэй ці Плаха, ці Габрусь возьмуць і прыдуць па мяне з міліцэйскім? Га? Ня можа таго стацца?..

Сідор пакорна пазіраў у бок Андрэя, мэрам-бы выспрабоўваючы яго. Але Андрэй стрымна чакаў, пакуль Сідор выкажацца і змоўкне. Чакаў і чуць прыкметна ўсьміхаўся, укладаючы ў гэты сьмех усё яскравей абураўшую ім халоднасьць і чэрствасьць да Сідора.

— Ды што ты, Сідор Гарасімыч, што ты! Гаспод з табою! — суцешыла Сідора Агнэса. — Няўжо ты думаеш, што Андрэй зусім ворагам тваім зрабіўся? Што ты!

— Ворагам? Такі й ворагам! — зацяжна вымавіў Андрэй і колькі хвілін памаўчаў. Так, Сідор, я ўжо не вялікі яго прыяцель!.. Ня вораг, але й ня прыяцель… Сідор зусім неправілова судзіць, скажу я вам. Сідор астаўся тым, які й во-