Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/193

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вала Андрэю настойныя думкі, якія шапталі яму на вуха: «Закаранелы монархісты… непапраўны. Горай ранейшага. Не! Болей ён мне не таварыш… не магу цярпець — варочае»…

— Сідор Гарасімыч, вы ашукваецеся, падкрэсьліваю я, — каб згладзіць гострасьць Андрэевых слоў, мякка кззаў Плаха. — Пэўна, мне ўжо вас не разуверыць, але мне здаецца, што ролю сабак насілі-б мы тады, каб ішлі супроціў цяпеграшняга ладу. Нас выхоўвалі для гэтае ролі і ў гарадзкіх школах, і ў сэмінар’ях, і ў інстытутах. Загналі ў нас зьвярынае пачуцьцё, і мы пад яго ўплывам знаходзімся дагэтуль. Нас пакалечылі змалку так моцна, што ажно й цяпер не апамятацца, нявыраўняцца… Скалечылі нашу душу, зглумілі нашу самотнасьць. Ня дзіва, што кожная рэч, блізкая й зразумелая нам, цяпер не даспадобны. Трэба лячыцца, трэба лячыцца, а то без пары загінем…

— Я адно хачу дадаць, — умяшаўся ўвесь час маўчаўшы Габрусь, — гэта з пытаньнем аб школе, якое чапаў Паўлюк. Я — не настаўнік. Я — коопэратар і мо’ менш Паўлюка сьвядомы, ну толькі-ж, памойму, у школе нельга абыйсьціся бяз нашае, мужычае, простае мовы. Тут ніякім чынам ня выкруцішся… Я гэта ведаю са свае даўнейшае практыкі ў воласьці… Нашаму селяніну патрэбна даставаць адукацыю самым лёгкім парадкам; а гэты парадак ёсьць яго мова. Ня можна пераскокваць там, дзе ёсьць магчымасьць перайсьці…

— Ну, брат, ты ўжо пакінь… Твае тэорыі нам усім вядомы… Ты, я табе скажу, просты фанатык — ня больш! — суха пераняў Габруся Паўлюк.

Пакуль ішла гэта гутарка, Марыля адышлася ад стала ў мыцельнік і колькі часу шапталіся з мацераю. Пасьля Агнэса выбегла ў сені, пабыла там нейкі час і вярнулася ў хату з поўнымі талеркамі сыру й каўбасы. У гэты час Марыля штосьці бразгала пасудаю і ўвіхалася з самаварам. Хлопцы не зьвярталі на іх нікае ўвагі і былі зьдзіўлены, калі раптам Марыля прынесла на стол талерку з каўбасою й бутэльку чарнаватае наліўкі.