Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/187

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дзіла яго тыя спадзевы, з якімі ён уяжджаў у роднае мястэчка. Чакалася ў ім знайсьці часовы адпачынак пасьля скрутнага, вакол варожага яму жыцьця; чакалася адкапаць памятныя старыя моманты і супакоіцца на аднаўленьні іх з сваімі, як ён чакаў, незачэпленымі бегамі часу, таварышамі. А тут вось! Толькі сустрэўся з лепшымі з іх, як зразу ўбачыў, што Андрэй — ня той. Ня той Андрэй і ня той Плаха. І чаго крыўдней — гэта тое, што і ў хаце сястры, як выявілася, таксама няжданае. Жарты, Юрка таксама абальшавічыўся!..

Пайсьці да Марылі Слоевай мела-б рацыю для Сідора тады, каб яму сустрэць там блізкую і мілую кампанію. Але ці ўдасца гэта — брала Сідора вялікае сумненьне. Гэтае-ж сумненьне і сьцішала яго хаду, застаўляючы праз кожныя пяць крокаў прыпыняцца і азірацца назад.

Ужо прайшоўшы ў канец усю вуліцу, Сідор, пры павароце ў завулак, супыніўся на месцы і пачаў канчаткова вырашаць сам сабе — ісьці ці не? У яго нутры вынікла роўнавага доказаў за патрэбу пайсьці і супроціў гэтага, і ён ажно злаваўся на сябе, неспакоячыся.

Нарэшце, штосьці яго падтаўхнула на тое, каб ісьці, і Сідор маладзецка, ганорна замахнуў уперад левую нагу, пачуўшы, мэрам-бы з плеч спала колькі пудоў. «Пайду і паспрабую, у выпадку чаго, пазмагацца», — парашыў ён і прыняўся, ідучы, пасьпешна абдумваць, як і што яму трымацца. Але не пасьпеў ён якраз абдумаць і адзін манэўр, як ззаду пачуў вогук:

— Сідор Гарасімыч?

— Я самы! — зьдзіўлена адгукнуўся Сідор і прыпыніўся. А я ўжо бегаў па вас да вашае сястры, — падыходзячы да Сідора, паясьніў Плаха (то быў ён).

— Ласьне так? Ці-ж ужо позна?

— А ўжо дзесятая гадзіна. Я думаў, што вы ня трапіце да Слояў.

— Нічога, не заблуджу.

Далей яны дайшлі да Слояў моўчкі.