Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/147

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

„БОЛЬШ ЗА ЎСІХ“

I

Калі Платон пераступіў парог хаты, то пачуў такую гутарку бацькоў:

— Дыхнуць вольна немагчыма. Што тут чаўпецца — сам чорт ногу зломіць… Толькі збавіліся ад адных, як — на табе, другія, — паціскаючы плячыма ды ківаючы галавою, недаволіўся Юрка, Платонаў бацька.

Юзя, маці Платона і гаспадыня ў хаце, крышыла ў запечку зельле і раз-по-разу падмацоўвала словы мужа: — Але, але! Дай-жа ты рады! Баламуціца нейкая, а ня жыцьцё. Дыхнуць не даюць.

І Юрка і Юзя так удаліся ў гутарку, што й не заўважылі сына; нават не паглядзелі ў дзьверы, калі Платон увайшоў і стаў каля вушака.

— Гэта-ж проста хоць гвалт крычы. Падумаць, жартачкі! Кінь-рынь хату, гаспадарку і едзь нямаведама куды… На ліха нам здалася тая Варшава! Хай-бы яна згарэла там з панамі разам! Блізкі сьвет! Папробуй даехаць. Касьцей ня вернеш! Каб гэта яшчэ Платон быў вольны, то паслаў-бы яго, а то і ён-жа прывязаны тут…

Юрка міжвольна адвярнуўся на дзьверы і нібы жахнуўся, угледзеўшы Платона:

— А-а-а… І ты ў хаце? Якім-жа чынам увайшоў, што мы й ня чулі? — запытаў ён сына. — Хіба ты, Юзя, яго прымеціла, ды мне нічога не сказала? — абярнуўся Юрка да жонкі.