Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/100

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

павярнуць голаў улева. Анупрэй раптам схамянуўся: недалечка, хат праз дзьве, ішоў Ахрэм Клін. Ня трэба было сумнявацца — да яго. Анупрэю зрабілася млосна: так рана — то пэўна знарок. Яго жонка ня змоўчала, бо гэткая язычніца. Нашчабятала, нябось, багата. Ужо ўсякія чуткі пойдуць… Чаго ня было — дададуць… У людзей языкі сьвярбячыя — адно крані — мянташкамі пойдуць.

Каб Ахрэм не падмеціў, Анупрэй выняў голаў з вакна, зачыніў яго на кручок і адыйшоў на хату.

Задумаўся, як і што гаварыць з таварышам. Трэба-ж апраўдацца! Ды на гэта ёсьць важкія прычыны.

Анупрэй паглядзеў на пол, дзе варушыліся разбуджаныя дзеткі. Бацькаў погляд, праведзены спадлоб’я, сур’ёзны, паказаўся дзеткам за нейкую пагрозу на іх з боку бацькі; яны прысьмірэлі і захуталіся ў акрывала.

Анупрэй скмеціў прычыну дзяцінага манэўру і спагадліва ўсьміхнуўся. «Бедныя дзеткі, усё з-за вас», прапусьціў ён у думках; і ад гэтых думак, як ад выходнага пункту да далейшых роздумаў, ён накідаў рысы наступнай гутаркі…

Так і так. Ці-ж ёсьць праступак?

Увайшоў Ахрэм, і Анупрэй перарваў думкі: віноўна стаў наўпрост перад увайшоўшым таварышам.

— Ты, пэўна, не чакаў мяне, Анупрэй? — ацікавіўся Ахрэм.

— Н-не-э, — раптам адказаў Анупрэй.

— А вось я зайшоў, каб табе…

Анупрэй перабіў таварыша, ня даўшы таму дасказаць…

— Я ведаю, дзеля чаго ты прышоў… Тут ужо адкрытая справа, ясна. Але слухай, братка, я йначай ня мог. Ня мог, даю табе таварыскае слова… Вось дзеці, — Андрэй паказаў пальцам на пол, — так прыпёрла, што бяз хлеба, бяз… І хапіла за горла пытаньне, як быць? Дапушчаць, каб уміралі, ці пайсьці на папрошную… Мучыла, паверыш, адзнаньне віны перад агульнай справай, але…