Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/80

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

За дзень, за другі і чатыры вакны
Бадай ужо будуць гатовы,
І толькі рабеце, каб шырай яны
Раздаты былі пры аснове.

Каб новая хатка вясельшай была,
Каб променю буйныя шматы
Жывільнага сонца, сьвятога цяпла,
Ліліся жароламі ў хату.

Ды кроквы, майстрове, ўздымайце вышэй,
Дугою, загнутаю строма,
Каб кроплі сьцякалі навальных дажджэй,
Ў страсе не псавалі б саломы.

Гэй, праўда, майстрове, павінны вы знаць
Будову ў канец ад пачатку.
Ня раз ужо вам давялося стаўляць
Хлявы і гуменцы ды хаткі.

Будуйце-ж па знаньню, будуйце, майстры.
Паважна стварайце, старэнна,
Ўстаючы к рабоце ад раньняй пары
І працу канчаючы к цемні.

Вытворчай рабоце так многа падзяк,
Павагі так многа для працы!
Ня кідайце-ж пэнту вытворчага так —
Энэргіі вашай ня трацьце.

Хто ў хатку ўбярэцца і будзе ў ёй жыць,
Гадкі каратаць папарадку,
Ня будзе магчы той, майстры, вас забыць
І шчырае дзякуй вам скажа за хатку.

Капыль, 1913

|}