Ўставай, сявец! бяры сяўню,
Аўса, вады давай у волю
Свайму ты вернаму каню
І ўжо рыхтуйся ехаць ў поле.
Прышла вясна, і там цябе
Чакае вызывеўшая ніва;
Яна гатовая к сяўбе
Й сяўца чакае ўжо рупліва.
За зіму устрэўшая зямля
Табе аддасьць за працу многа!
Ўставай, сявец! Няхай сяўня
Ня будзе пуста і убога.
Рукой зярнят бяры паўней
Ды кідай мерна жменя ў жменю;
Са збожжам ў сэрцы думкі сей
Надзеі, волі, адраджэньня.
Ўставай, сявец! І тое знай,
Што думак глеба не абмане,
А дасьць багаты ураджай
За пот праліты, за стараньне.
Ўставай, сявец! Ідзі, ары
Зьдзярнелай нівы твае гоні;
Прышоў твой час — ужо пара
Пачаць сяўбу яшчэ сягоньня!
Капыль, 1909
|