Прысьвячаецца Цімоху Гамзе
Дожджык пакрапляе,
Дзень стаіць халодны,
Шпаламі шагае
Ў пуць гарбар галодны.
Ногі чуць клыпаюць
І грабуць нясьмела;
Вочы пазіраюць
Сумна, асавела.
Апусьцілісь рукі
Ад цяжкой утомы…
Дзе-ж сканчаньне мукі
Яго — невядома.
Сэрца болем рэжа,
Сэрца болем плача…
Ў зношанай адзежы
Холадна, бядача!
Косьці боль ламоча,
Цяжар дацінае…
Гарбар есьці хоча,
Хоча — ды ня мае;
Ўчора йшчэ з астаткам
Грошы ён растаўся:
Ў месцы на дзесятку
Ён падмацаваўся.
|