Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/44

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

жыцьця ў працы. Дэкарт, як вядома, высунуў формулу cogito, ergo sum (мысьлю, значыць — існую); у першапачатковых пэрсонажаў Цішкі Гартнага гэта формула набывае іншае напаўненьне; „працую, значыць — існую“ — так формулюецца жыцьцёвая філёзофія гартнаўскага рамесьніка, які гаворыць аб сабе:

Я гарбар — працаўнік.
Я жыву — каб рабіць.

У далейшых пэрсонажаў гэта формула яшчэ больш пашыраецца і паглыбляецца: „змагаюся, значыць існую“ — у такую формулу ўкладаецца жыцьцёвая мудрасьць тых шматлікіх рэволюцыянэраў, якія доўгай чарадою праходзяць перад намі ў новэлях і асабліва ў романе Гартнага. Аднаго з сваіх пэрсонажаў данай катэгорыі — Платона Гічку ў апавяданьні „Больш за усё“ — пісьменьнік характарызуе ў такіх рысах: „Яму здавалася, што рэволюцыянэр не павінен мець жаднае спагады. Усё, што побач рэволюцыі, то бязумоўна ніжэй яе па значнасьці. Так Платон думаў праз доўгі час свайго сьвядомага жыцьця. Дзеля рэволюцыі ён ахвяраваў пачуцьцём каханьня, пакінуўшы без адказу просьбу каханай дзяўчыны не выяжджаць на падпольную працу пры немцах. Дзеля ідэі рэволюцыі ён забываў бацькоў, як і што яны жывуць, як іх становішча пад палякамі“. Рыгор Нязвычны, Сёмка і іншыя вобразы рэволюцыянэраў у романе „Сокі цаліны“ належаць да тэй-жа катэгорыі людзей „з жалезнай душой“, гэта пераважна валявыя натуры, унутраное жыцьцё якіх найбольш поўна раскрываецца ў напружаным рэволюцыйным дзеяньні. Але пэрсонажы Цішкі Гартнага далёка не зьяўляюцца адцягненымі схэмамі адной душэўнай якасьці; яны — жывыя людзі, якія перажываюць сумненьні, цяжкія колізіі, сутычкі. Яны — людзі ня толькі „з жалезнай душой“, але і „з сэрцам палкім, як жар“. Адсюль вынікае ў Цішкі Гартнага абмалёўка цяжкіх унутраных колізій, праз вогнішча якіх праводзіць ён сваіх герояў; па сваіх вытоках гэта ў большасьці выпадкаў колізіі інстынктыўнага пачуцьця і абавязку.

Эмоцыянальна-валявыя перажываньні, такім чынам, прадстаўляюць сабою аснову пэрсонажных вобразаў пісьменьніка. Твор-