Так, апошнім зборнікам як-бы замыкаецца кола творчасьці Цішкі Гартнага. Пясьняр пачаў з мінорных песень гарбара, які апяваў сваю гаротную долю працаўніка ў капіталістычных умовах, канчае ён бадзёрым акордам песень таксама ў гонар працы, але толькі працы ўжо ў новых умовах соцыялістычнага будаўніцтва. Ад песень гарбара да зборніка „Прысады“ пройдзены доўгі шлях, але гэты шлях прадстаўляе сабою разьвіцьцё адзінай творчай лініі, адзінай мэтаімкнёнасьці бяз жадных зыгзагаў і адхіленьняў. Уся творчасьць Цішкі Гартнага ад яе вытокаў да апошніх апавяданьняў, прайшла пад знакам грамадзкага волюнтарызму. Загартаванасьць волі, р'волюцыйная актыўнасьць прадстаўляюць сабою грунтоўны фактар, які ляжыць у аснове ўсёй мастацкай дзейнасьці пісьменьніка, організуе ўсе яе складаныя компонэнты, надае ёй монолітную суцэльнасьць і органічнасьць.
Мы бачылі, як гэтаму фактару падпарадкаваны ўвесь ідэёвы зьмест творчасьці Гартнага. Дзьве асноўныя тэмы яго — праца і барацьба — перакрыжоўваюцца ў адзіным вузьле актыўнага ўзьдзеяньня працоўнага чалавека на навакольны Сьвет. Чалавек, як творца матэрыяльных каштоўнасьцяй у процэсе барацьбы; гэта дзьве постаці ўлюбёных персонажных вобразаў Гартнага, але гэтыя дзьве постаці па сутнасьці становяць сабою раскрыцьцё адзінай соцыяльна-псыхолёгічнай катэгорыі рэволюцыйнага волюнтарызму.
У сваіх песьнях гарбар сьпявае:
Я рабочы, гарбар, |
Ужо тут вызначаецца ў схэматычных рысах цэнтральны вобраз творчасьці Цішкі Гартнага. Гэта вобраз працоўнага чалавека „з жалезнай душой“, з напружанай сілай волі, з моцнай актыўнасьцю. У ранейшым пэрыодзе сваёй творчасьці Гартны рысуе нам пераважна вобраз чалавека, для якога ўвесь сэнс