Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

нават паводле тыпу кінэматографічнай композыцыі: замест цэльных разьдзелаў — паасобныя маленькія эпізоды, якія вельмі хутка зьмяняюцца адзін другім („Таварыш інспэктар“, „Таварышы“).

Пэрсонажы выяўляюць сябе пераважна ў дзеяньні; зрэдку Цішка Гартны ўжывае спосаб гатовай характарыстыкі. Статычныя элемэнты — пэйзаж, жанр, літаратурны портрэт — зрэдку трапляюцца.

Дынамычнай композыцыі адпавядае і стыль твораў; замест сынтэтычнага стылю пераважна сустракаецца тут аналітычны, прычым характарнай адзнакай яго зьяўляецца дзеяслоўнасьць; вельмі часта ўжываюцца няпоўныя сказы бяз дзейніка. Напрыклад, „Прывык, прынаравіўся, падладзіўся, агойтаўся. Абыходзіцца, глядзіць і нават шануе. Куды-ж пагоніш небажатку“. Або вось другі прыклад. „Плаціць пяць рублёў Муні, а гадоў тры жыў дарэмна. Лічыў, што мае права на гэта, бо заслужыў перад рэволюцыяй“.

Так, адбіваючы дынаміку сучаснасьці, Цішка Гартны ўжывае дынамічныя прыёмы композыцыі і адпаведныя прыёмы стылю.

Цішка Гартны ня толькі поэта і бэлетрысты, — адначасна ён і драматург. Надрукаваны яго драматычныя творы: „Хвалі жыцьця“, драма ў 3 дзеях („Зажынкі“, зборнік, Масква, 1918), „Соцыялістка“, драма ў 5 дзеях („Сцэнічныя творы“, кн. 2-я, Менск, 1914), „На стыку“, п‘еса ў 5 дзеях, і „Дзьве сілы“, драматычная сцэна з жыцьця прамысловага цэнтру („Прысады“, апавяданьні, Менск, 1927).

У драматычных творах Гартнага, таксама як у лірыцы і эпосе, пераважае соцыяльны зьмест. Драма „Хвалі жыцьця“ рысуе распластаваньне вёскі напярэдадні рэволюцыі 1905 г. Яскрава абмалявана тут драпежніцтва і ліхвярства вясковага кулака і опозыцыйныя настроі бядняцтва. Драма „Соцыялістка“ па агульнай сваёй сытуацыі вельмі нагадуе першую частку роману „Сокі цаліны“. І тут дэспотычна бацькавая воля калечыць жыцьцё маладой вясковай дзяўчыны, прымушаючы яе кінуць любага сэрцу бедняка і выйсьці замуж за нялюбага кулацкага сынка. Але і ў п‘есе Гартнага, як і ў яго романе,