Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/314

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Для мяне, пакуль я жыў,
Пакуль сэрца ў грудзях б‘е,
Ўсё красуе, ўсё пяе;
Ўсё гаворыць мне бяз слоў,
Каб я жыў, як гул лясоў
Каб на хвілю я ня нік,
А на кожны жыцьця зык
Змог-бы чула адгукнуць…
Бо, пакуль ня ўсьпеў заснуць
На сьмяртэльным тапчане,
Ўся прыгожасьць для мяне,
Для мяне!
Там за мною — берагі,
Сьвет інакшы, сьвет другі,
З якім буду гаманіць,
Як жыцьця парвецца ніць,
Як на зьмену днём жывым
Нябыцьцё расьсьцеле дым,
І разьляжа нада мной
Змрок сьмяртэльнаю шатой.
А цяпер, калі жыву,
Калі рухаю, лаўлю
Кожны подых, кожны ўзьвей
Жыцьця радаснага дзей
На зямлі і ў вышыне,
Ўся прыгожасьць — для мяне,
Для мяне!

Пецярбург, 1915

|}