Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/293

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

∗     ∗

Ўзышоў месяц і паўкругам
Ў цёмным небе засьвяціўся,
Па дубраве і над лугам
Срэбным променем разьліўся.
Ў зачарованым адзеньні
Сьпіць трава і сьпяць кусточкі,
І замёрлі ў шалясьценьні
Руцяністыя лісточкі.
Ўкрадкай, ціханька гамоне
Мовай сьвежай і рачыстай,
Нібы грае, нібы звоне,
Ручаёк вадою чыстай.
І ні песьні, і ні зыку
Круг-вакол не раздаецца.
Нямой сьцішы зыркім блікам
Месяц весела сьмяецца.

Капыль, 31/X 1912