Гляджу на поле я, на дол,
На нівы вузкія шнурамі,
Што скрозь ляжаць перад вачамі
Раўнінай чорнаю вакол —
І сэрца радасьцю гарыць,
Душа жаданьнямі адзета —
Прасторы ўсе, што ўбачыш гэтта,
Абшар увесь, што тут ляжыць —
То плён упартай барацьбы,
Дастатак цяжкага змаганьня,
Якім валодаюць сяляне,
Нядаўна бедныя рабы.
Вякамі марылі яны
Дажыць тае шчасьлівай хвілі,
Калі-б падаткі не давілі,
Калі-б драпежныя паны
Іх працай цяжкай не гнялі-б
На трэбах цяглага прыгону,
Даючы ім заглушваць стоны
Ў сьцянах пануранах сяліб.
Ой, колькі-б — марылася ім —
Яны ўкладалі-бы стараньня,
Каб ўся зямля — то дастаяньне
Была-б працоўнікам усім…
Цяпер вось мары у жыцьці!
Зямля — дзяржаўнае багацьце…
|