Я хацеў-бы непакорным
Ветрам вольным ў полі стаці,
Каб па галы па прасторным
Бязупынна дзьмуць-лятаці.
З верху к долу, з краю к краю
Мерыць шыры хуткім лётам;
Ня спыняцца перад плотам,
Не зварочваць перад гаем.
Ад зямлі да сіней высі
З гудам зычным паднімацца —
Дзе прашкоды асталіся —
Ўшчэнт ламаць і далей мчацца.
Я хацеў-бы ветрам быці,
Каб з няволяю расстацца,
Каб ў свабодным шчасным жыцьці
Незалежнасьцю ўпівацца.
Вількамір, 1913
|