Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

бязьмежнага, ён пазбаўлены элемэнтаў надзвычайнага гіпэрболізму, штучнага патосу („візгізму“, паводле гіронічнай тэрмінолёгіі Дубоўскага) і ўцёкаў ад жыцьця; гэты косьмізм носіць у беларускага песьняра больш натуральны характар і вытрыманы больш у рэалістычных, чым фантастычных, тонах. Косьмізм Цішкі Гартнага — гэта свайго роду мастацкае сьветаадчуваньне, якое ўзьнікае на глебе рэальнага адухаўленьня прыроды і зьліцьця з ёй чалавечай асобы. Такое сьветаадчуваньне поэты ў сваю чаргу становіць сабой вынік яго эстэтыкі і этыкі. Эстэтыка песьняра адзначаецца, як мы бачылі, захапленьнем яго пекнасьцю рэволюцыі і пекнасьцю сусьвету; этыка поэты выяўляецца ў яго імкненьні да напружанага i шырокага жыцьця — жыцьця інтэнсыўнага і экстэнсыўнага, кажучы словамі Гюйё. Такім чынам, радасьць быцьця — вось той цэнтральны пункт, дзе сходзяцца паасобныя ніткі эстэтычнай і этычнай настраёвасьці Цішкі Гартнага. Як натуральны вынік гэтай радасьці быцьця, якая насычае сабой усю духоўную істоту песьняра, зьяўляецца косьмізм поэты: віно хмельнай радасьці выплёскваецца з свайго келіха, поэта адчувае сябе часткай цэлага.

Але ня толькі ў разрэзе эстэтычным і этычным выяўляецца ў зборніку „Урачыстасьць“ поэтычнае сьветаадчуваньне Цішкі Гартнага: яно выяўляецца тут і ў разрэзе онтолёгічным, агульнафілёзофскім.

У поэзіі Цішкі Гартнага мы знаходзім некаторыя адзнакі дыялектычнага погляду на сьветабудову. Для песьняра нічога няма застылага, акамянелага; для яго прырода і жыцьцё — ня статыка, а бязупынны рух, бязупынная дынаміка. Усё, уключаючы і псыхічныя зьявы, для поэты толькі

Нязжытое праяўленьне
Сілы творчай ў вечным лёце.
Што захована ў істоце
Размаітага тварэньня.

Так, падстава космосу для Цішкі Гартнага — творчая сіла ў вечным лёце: усё цячэ, усё зьмяняецца; жыцьцё — гэта про-