З гары высокае званіцы
Званы прызыўна загулі;
І гуд грамовы іх імчыцца
Абшарам соннае зямлі.
Дрыжыць вакол ціша глухая,
Трасе паветра медны гуд
І ўсё, што сьпіць, ён паднімае
Вакол сябе, і там, і тут.
„Ўставай, хто сьпіць!“ у звоне чутна
Размова гучных вагкіх слоў…
„Скідай свой сон, ліхі, атрутны,
Цягучы сон даўгіх вякоў!“
І ўдыр за ўдырам шле званіца,
Спушчае ўніз з сваіх прытул
Шарэнгам роўным, стройнай зьвіцай,
Ўсё болей гучны звонны гул.
І рэжа ён пласты паветра,
Качае хвалямі бары,
З зямлі нясецца ўзьвеем ветру
Да стромы цёмнае гары.
Яшчэ мамэнт і гудам звону,
Здаецца, неба страсяне
Ды зоў разгорне свой чырвоны
Па ўсёй зямлі і ў вышыне.
Вількамір, 1913
|