Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/111

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

КЛЯНІНКА

Бачыў я, як вецер ў полі павяваў,
Бачыў, як клянінку бедную хістаў:
З болю яе ралкі тонкія гулі
І хінулісь нізка да сырой зямлі.

А сіберны вецер з сілай набягаў,
Пекныя лісточкі з ралак атрахаў.
І, здавалась, раптам ён мацней шугне
Й бы нажом ля корня бедную сатне.

Ўміг, ў адну хвіліну ў маладым жыцьці
Перастане дрэўца рэзвае расьці…
Але моцы ветру стала не хапаць —
Ён ня мог клянінкі ўзьвеем даканаць.

Закіпеўшы помстай ветру насустрэч,
Лісьцем прашапцела сьмела яму рэч:
„Захацеў, сіберны, ты мяне скасіць —
Захацеў разрэзаць майго жыцьця ніць…

Не, ня дамся, вораг, сіле я тваёй —
Выйду з усёй моцай страціцца з табой —
І хоць тваіх зьвеяў мо‘ й не адапру —
Толькі і пакорнай сьмерцю не памру“.

Пецярбург, 1914