Зух-паляруш імчыць звар‘яцелым віхром,
Ён вясковых калечыць і бэсціць.
Саранчою вісяць над забытым сялом
Беды розныя, розная нечысць.
А на крушні сядзіць у тумане ў расе
Краса-дзеўчынка голая — доля;
Яе грудкі вужак цёнгле смокча-сасе,
Плача бедная ў чыстым у полі.
Па пуцінах пустых залягла варажба,
Павуцінай плятуцца замовы.
Рвецца вужам з грудзей то праклён, то бажба,
Пырх і пырх ад заховы ў захову.
І чакае народ ад нявідзімых чар
Збаўцу светлага, гожага воя;
Аб ім мараць і сняць, і глядзяць на папар,
Ці не свеціцца постаць героя.
Яго шлях — млечны шлях, яго шлях — сонца шлях,
Яго зброя — з праменняў вясновых;
Зараніца гарыць на пукатых грудзях.
Яго вочы — з вясёлак вясёлых.
На высокім чале свеціць сонца, як жар.
Месяц ясны ў руках ён трымае;
Ў юным сэрцы яго гарыць вечны пажар,
Макам-цветам яскравым буяе.
Прыдзе збаўца такі. Ён затрубіць у рог.
Рой зданёў, як туман, здрыганецца.
Прападзе наўсягды. Будзе вольна ў палёх.
Светлым Розумам вой той завецца.
Забудуецца край. Загрыміць на ўвесь свет
Небывалаю славай-грымотай;
Паляшук зажыве, бы пад сонцам мак-цвет,
Заваюе навекі балота.