Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/365

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

„Загарыцца твой кут, — няма як ратаваць, —
Насагрэйкай сваёй ты заняты.
Прыдзе смерць па душу — няма як паміраць, —
Тытуну засталося багата“.

— „За жыццё тытуну спаліш цэлы ты стог,
На той свет ты паедзеш капяжкай;
Гібель бочак віна выпівай, каб не ссох,
Каб лілася, як рэчка, гамонка“.

І хвастом ляснуў чорт — з-пад лазы гоц і гоц
Скача пляшка за пляшкай сівухі;
Паляшук п‘е на гвалт, паляшук п‘е на моц,
Абліваецца чортавай юхай.

„Кінь лазу церабіць, — кажа чорт, — лепш дуду
Прынясі ды зайграй мне вяселле“.
І пайшоў паляшук па дуду на бяду,
І ад бабы дастаў на пахмелле.

13. ЯК ПАРАБІЛІСЯ ЧАРТОЎСКІЯ ДАРОГІ І ЯК ПАЛЯШУЧКА ЗРАБІЛАСЯ ВЕДЗЬМАЙ

Жонка б‘е мужыка той чартоўскай лазой,
Паляшук нешта сп‘яну бармоча.
Чорт вясёлы глядзіць, круць і круць галавой
І віляе хвастом і рагоча.

Тутка рады няма, сама баба пайшла
І цярэбіць лазу, дзярэ на лыка;
Ўе вяроўкі з лазы, супачыць прылягла, —
Дзень пагодны, лагодны, вялікі.

Прывалюхаўся чорт. „Хто тут лыка дзярэ?
Ды нашто табе, свацця, вяроўкі?
Нашто губіш лазу?“ — Чорта сполах бярэ;
Распускае кабета шнуроўкі.

„Хочаш ведаць нашто? Зараз я пакажу.
Стань во тут, каля гэтага дуба;
Я на рукі твае во лычок палажу!“
Баба чорта рукою галубіць.