12. ЧОРТАВА ЛАЗА АБХАПІЛА ПАЛЕССЕ. ШТО З ГЭТАГА ВЫШЛА
Урадзіла лаза. Нясе ліха з сабой,
Перайшла ад балота на поле, —
Проста рады няма, стаіць шчыльнай сцяной, —
Паляшук праклінае лёс-долю.
І злуе паляшук: цэлы край прападзе
Пад чартоўскай пляцёнкай-заховай:
То-ж Палессе, як дзед, барадой абрасце
Кучаравай, калючай, лазовай.
У гарачыя дні просіць сонейка ён:
— Ты спалі мне лазу — гэту здраду!
У халодныя дні просіць зімачку ён:
— Змаразі мне лазу, дай ты рады!
Давай сонца пячы, давай парыць ваду —
Яшчэ болей расце, вырастае.
І мароз надышоў на лазу, на брыду, —
А лаза не баіцца, не дбае.
Зноў бярэцца яна на вясну, як вязель,
Заглушае лугі і паляны;
Лезе ў вочы і твар, як дакучлівы чмель,
Сваёй лапай чартоўскай паганай.
І злуе паляшук, і сякеру бярэ,
І кусты сам цярэбіць адважна.
Нямаведама скуль насустрэчу чорт прэ,
Секачу ён шапкуе паважна.
Чорт частуе яго з капшука тытуном, —
Паляшук гэта зелле смакуе;
Чорт ратая заве гультаём, ласуном,
З яго люлькі жартуе, штукуе:
„Ты радзіўся, мабыць, з сваёй люлькай у губах, —
З губ не выпусціш люлькі ніколі;
Ты прывык да яе, цёнгле дыміш, аж страх,
Душыш дымам гаркім сваю долю“.