Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/344

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Служылі. Гатовы служыць.
Спакора ў вачох.
Ці шчыра, няшчыра — спакора…
Бы „нішто“ акружыла „усё“,
Акружылі усе Гедыміна.
І нехта за повад стрымаў жарабца,
І нехта к страмёнам прысунуў руку,
І нехта сагнуўся, каб князю мякчэй
Было па спіне цяжкім чобатам стаць,
І нехта прытоіў злы бляск у вачах,
І нехта праклёны шаптаў…
Каня адвялі да пшаніцы,
Князь прылёг адпачыць
На высокай гары над Вялейкай,
Як і быў ён у зброі жалезнай.
І сонца кацілася ўніз ды уніз,
І цені раслі і даўжэлі,
І вечар туліўся, чакаў.
................
Стала ціха вакол.
Бераглі князяў сон, як збавенне, як скарб;
Сцераглі яго сон, нібы звера у клетцы.
Бо як спіць — не грашыць
Нават князь, нават цар.
Бо як спіць — няма гора нікому.
Зоркі зірк навакол, нібы вочы людзей,
Нібы вочы адданых ваяк,
Нібы вочы пужлівых дзяўчат,
Нібы вочы мяцежных людзей.
Зоркі блішчаць.
Хай не думае хто, калі спіць ясны князь,
Дык і варта узбройная дрэмле,
О, варта не спіць,
Хоць ніхто і не думае князя чапаць:
Як навекі засне, будзе шмат князянят,
Будзе горш, як цяпер…
Зоркі ў небе гараць.
I кальчугаю шызаю — ноч.