Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/318

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

„Дзе прапала сякера з-пад ліпы?
Хоць бы латаў цяпер частакол!“ —
І ад дзедава гнеўнага крыку
Разляцеліся куры вакол.

„Дзе прапала сякера? Гэй, чэрці!“ —
І пайшоў на дрывотнік шукаць.
„Кожны дзень ад іх можна памерці,
Каб іх зыбала чортава маць!“

І ён поркаўся ў трэсках, у кучах,
І рукамі галішча капаў,
І хрыпеў на смяцці, на анучах,
Нібы скарб тут багаты шукаў.

Вось знаходзіць сякеру нарэшце
І давай узірацца, глядзець,
Ці сядзіць тапарышча на месцы,
Ці не выскачыў клін, як шальмец.

Вастрыню пазурамі прабуе
І ківае сівой галавой,
На дзядзінец увесь ён гвалтуе:
„Гэта-ж проста загуба, разбой!“

„Крымінал! дзе падзеліся людзі?
Гэй, сюды, акаянцы! сюды!
Гэта-ж свет такі грэх не забудзе!
Нарабілі тут процьму бяды!“

Нібы двор аблягло пажарышчам,
Бягуць з хаты усе на садом.
„Гультаі! пашчарбалі лязвішча!
Хоць ты лезь на сякеру вярхом!“

Дзед пытлуе сям‘ю і пілуе,
Бярэ ўсіх на цыгундар страшны:
„Хто вам, погань, праступ падаруе!
Злыдні! нечысці вы! груганы!“