Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Як той шыбенік, на сценцы
Вісіць скрыпка на цвіку.
Сядзіць Лёлік ля акенца
На мяшку.

Стыдзіў бацька абадранца —
Струну — „рымку“ сын парваў:
Як на скрыпцы буду граць я?
Галава!

І жалобу хлопчык водзіць,
Вочы трэ ён кулачком.
Ноч крадзецца, нібы злодзей,
За акном.

А на прыпечку пад змрокам
На трыножцы чыгунок.
Залатым чаруе зрокам
Аганёк.

Трэба ліць у лямпу газы.
Ноч, як цёмны парасон.
Зараз скажа маці сказ свой
Нам на сон.

Пры вячэры прыкрым слоўкам
Маці часта нас кляне.
Тут знаходзіць і адмоўку:
Слова „не“.

„Лыжак сем — нішто цымбалы!
Каб вас д‘ябал не качаў!
Каб халера вас не брала!
Саранча!“

„Саранча“ пішчыць, як мышы,
Перад сном вядзе гульню.
Маці Сонечку калыша:
„А-лю-лю…“