Аднойчы уночы — гу-га-а ў дварэ там,
Агонь аж да неба падняў галаву.
І быў той халодны маёнтак сагрэты,
І лоўка сваволіў чырвоны пявун.
Бярэ мяне радасць — на небе вясёлка,
А людзі — туп-туп і туды і сюды.
Святлютка-святлютка, хоць нітку ткні ў голку!
Завылі сабакі ад нейкай жуды.
Пляваўся, грымеў у пажарышчы бровар,
А дым, нібы хмара, а нейкі смурод.
Іржалі там коні, рыкалі каровы,
З ваколіцы блізкай збіраўся народ.
Тады як да бацькі прычэпіцца пан той:
„Твая гэта справа! Кажы ды кажы!“
І бацьку звязалі. Ад бочкі ды крантам
Яго калацілі на панскай мяжы…
Памёр ён праз месяц. Вунь там пахавалі.
А маці гаворыць: „ён — богу душой“.
Балююць паны, як раней балявалі,
А маці — ўдавою, а я — сіратой.
Дзень кожны я з стадам — сюды на балота.
А гразнуць каровы у гэтай багне.
Дык вось нападае чамусьці маркота,
Хоць кожная купка знаёма тут мне…
А думкі наводзяць на злосць і на смутак,
Хоць птушкі пяюць ад зары да зары.
Ніхто не раскажа — не знаю, чаму так…
Такое жыццё — хоць агнём ты згары!..
Пасадзец, 1911 г.
|}