Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/258

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Гарапашная ўдавіна.
На вайне забілі мужа.
Цісне гора, цісне дужа.
— Што рабіці, мілы божа?
Так нядобра, так нягожа
Жыць на свеце жорсткім гэтым
Неабутай, неадзетай
І галоднай, і халоднай,
Без апоры, як ніводны…
Але гэта з-поўбядоты,
Бо найгоршую турботу
Маю тую, — як мне, маці,
Свайго сына гадаваці?
Надышоў час галадухі:
Не накорміш нават мухі.
Што мне з хлопчыкам рабіці?
Трэба гадаваць, карміці,
А тут проста хоць давіся,
Хоць у рэчку йдзі тапіся…
Плача маці, плача горка
Ды глядзіць на тую горку,
Дзе палац стаіць, мільгае
І на хмаркі паглядае
Горды, белы, пекны, стромкі
Ды ў абхопе такі ёмкі.
Свецяць вокны, ганкі, дзверы, —
Іх так многа, іх без меры.
А вакол там шмат будынкаў,
Як наваленыя скрынкі,
Нібы гэблем габляваны,
Нібы фарбай фарбаваны.
А далей шапочуць дрэвы;
Рэчка ўецца ўправа, ўлева
І бурліць, пяе пяюшкай,
Змейкай цягнецца ці стужкай
Па разлогах, па далінах,
Па шырокіх лагавінах
І хаваецца ля бору, —