Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/237

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Як пчала на салодкія кветкі,
Я кідаўся на мёд — за красой.
Я спяваў ля сялянскай паветкі,
Аздаблёнай жамчужнай расой.

Аб мінулых далёкіх пакутах,
Аб змаганні лясных партызан
Я мазольнаму шчыраму люду
Сваё шчырае слова казаў.

Я збіраў часам думкі ў „народа“.
О, памылак было гэтак шмат!
Без разбору ўсё йшло нейкім збродам.
Без разбору — ці вораг, ці брат…

А бывала люд марыў аб зорках,
І сны-казкі па хмарках плылі:
Прамяняў ён пра неба гаворкі
На сталёвыя песні зямлі.

Калі стогны былі, дык аб волі,
Былі думкі аб будучых днёх.
Нібы сокал, ён сэрцам саколіў,
Быў ён свеж, як абвеснены лог.

Як пралеска з-пад снежнае гурбы,
З-пад сівізны мінулых вякоў
Былы раб вышаў вольны з загубы,
Паглядае на свет юнаком.

Гагры, 10/II 1926 г.

|}