Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/236

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Гэта стогн, гэта боль „нашаніўства“,
Яго рэха не змоўкла яшчэ.
Трэба вырваць з карэннем імглістым,
А то смагаю грудзі пячэ…

А сягоння ўжо смутак не ў модзе,
Ён схаваўся пад вэлюмы сноў.
Спеюць гімны аб шчасці ў народзе,
Матка горда глядзіць на сыноў.

Я закінуты ў далі вандроўца,
Я пайшоў з беларускіх палёў
Да каўказскага яркага сонца,
Да абхазскіх куткоў, берагоў.

Я пайшоў да арліных надгор‘яў,
Дзе буяе, цвіце вінаград,
Каб з мядовых і гучных прастораў
З новай сілай вярнуцца назад.

„Нашаніўскія“ болі залечу,
Пачну новыя творы пісаць.
Было доўга атручана сэрца,
Дык ці сэрца я выкіну псам?

Непрывычнае вуха палохаў
Грозны гуд непрывычных вятроў.
У душы я нашу дзве эпохі,
Іх гадуе гарачая кроў.

Між сабою не ладзяць, не дружаць,
Не спляцеш у адзін карагод.
Як агністыя нейкія ружы,
Паліць грудзі іх спенены ход.

Між сабою не могуць мірыцца,
Нібы пламень з халоднай вадой.
Адганіце былую зарніцу,
Дайце месца зарніцы другой.