І серабром туман стушуе
Абрываў жудасны узор,
І забуяе, забушуе
Пад шклом нябес квятніца зор.
І зор тапазавае мгненне
Закрышталюе, як раса.
І здасца мне, што лятуценне
На небе сам я напісаў.
Пісаў крывёй, чытаць сам буду,
Пакуль усход пачне ржавець.
Буркне свой сказ мядзяным гудам
Мой шчыры друг — ручны мядзведзь.
Мядзведзь разляжацца падушкай —
Лагодны, добры, як дзіця.
Ў яго вачах — у весялушках
Адбрызгі зорак замітцяць.
І замігцяцца думкай вочы —
Во загаворыць зараз ён.
Крывою лапай заласкоча —
Ён знае прыязні закон.
Закон вялікай, шчырай дружбы
Яму вядом не менш, чым нам,
Хоць ён у гутарцы не дужы,
Ніколі граматы не знаў.
Я знаю — ён пад перламутрам
Аблочных буйвалаў засне;
Як лепшы дзядзька, сваю футру
Запрапануе шчыра мне.
І прытулюся я да шэрсці —
Да мякка-бурае спіны,
Пачую стукат яго сэрца
І заспакою яго сны.