Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/232

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ІДЗЕМ У ГОРЫ…

У нашым краі на сасонцы
Цяпер пабачыш ты зару.
Ідзем глядзець на захад сонца!
Ідзем глядзець сівы Эльбрус!

Эльбрус сівізнай замільгае,
Блісне агнём яго чалма.
Дзе расцвілі калёры мая,
Як успамін, зірне зіма.

Зіма на дзедавых кудзерцах
Раскіне яркі свой крышталь.
Заходу вогненнае сэрца
Насуне водблескі на даль.

І далі водблескам запаляць
Разьбу вячыстую хрыбтоў.
І залатыя стануць палі
Замест кізілавых кустоў.

Кусты зашэпчуць развітанне:
„Сустрэч не будзе з гэтым днём“.
І цень навісне, як пытанне,
Займжыць чарнёным серабром.