Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/183

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Гэй, гэй! Шарахнуліся птухі…
Крануліся з месца сурова.
На полі імчыць завіруха
На колах гумовых.

Пырх пырх — і паляна пустая.
Ляцяць. Чуць ухопіш іх вокам.
Над полем, над рэчкай, над гаем.
Ой, ой, як высока…

Імчацца, імчацца, імчацца
Над пухкай, над снежнаю хмарай.
Сталёвыя гулкія раці
Глытаюць абшары.

Драбнее, драбнее, драбнее
У сіняй пустэлі дружына.
Баечныя цуды-пігмеі,
У небе — крапіны.

Ў абоймы стыхіі зразмаху
Памкнуліся з прагнай ахвотай.
Не ведаюць сполаху-страху.
Гэй, слава пілотам!

То робяць круць верць у паветры,
Кульгаюцца ў сінім прасторы.
Нырцы задаюць на шмат метраў:
Блішчаць метэоры.

Во, во, упадуць, як ікар той,
Насмерць разаб‘юцца ў хвіліну.
Падняліся зноў. Гэта жарты —
Жартуюць машыны.

Зноў пырхаюць, глушаць бязбрэжжа,
Імчацца блакітнай дарогай.
Нябёсам кідаюць мяцежны
Нястрыманы рогат.

Менск, 1923 г.

|}