Кладуцца на бруку і сьценах
Вячэрнія хварбы гусьцей.
З двароў — дзе заснулі ўжо цені —
Даносяцца крыкі дзяцей.
З вакон хутка клікнуць іх маткі,
І ўсе яны пойдуць дамоў —
Напіўшыся цёплай гарбаткі,
Атуляцца казкамі сноў.
І будуць чароўныя фэі
Сплятаць серабрыстую ніць,
А цёмных двароў чарадзеі
Зьбяруцца ім казку тварыць.
Праз горкія сьлёзы я бачу —
Як быццам у казачным сьне:
На ноч туліць ласкай гарачай
Каханая мама мяне.
|