Мне звон чароўны прылятаў,
Душу ён песьняй напаўняў.
Хадзіў тады я сьветлы, дзіўны
І чуў я водгук пераліўны…
Удзень і ўночы серабрыстай
Я цягам хараство лавіў.
І шмат я ўзяў уцехі чыстай
Ад зор, што змалку палюбіў.
Я добра помню сьветлы дзень:
Пашоў я ў гай па роднай глебе,
Бляск сонца не хаваўся ў цень,
Сьпявалі жаўраначкі ў небе.
Я ў гаі кветкі — сон зьбіраў.
Стаяла сонейка высока.
Ў кустох лазовых, недалёка,
Тут салавейка шчабятаў.
Няўмочна ў рамках зеляніны
Люстраны плюскатаў ручэй.
Ад хараства лясной нізіны
Ня мог я адарваць вачэй.
А во абраз яшчэ ўсплывае.
Пурпурам зьяе ўвесь усход,
Бы агняцьвет там палыхае.
Душа імчыць да неба ўзьлёт.
Сярод званцу і палыноў
Я з вудачкай па сьцежцы вузкай
Іду к вярбінцы ля кустоў,
А сьлед мой цягнецца істужкай.
Канюх крычыць, бы на бяду.
Кідаю леску я ў ваду,
За паплаўком сачу няўхільна,
А сэрца б‘ецца пільна, пільна…