Зьяла дзіўнай ты красою,
Бырцам кветачка вясной.
Як было уцешна, міла
Любавацца мне табой.
Ты, нябеснае стварэньне,
Мала цешыла людзей;
Ліхадзейка-сьмерць падкралась,
І няма красы тваей.
Хто цябе хоць раз пабачыў,
Будзе шчыра шкадаваць,
Па табе, краса-дзяўчына,
Будзе цяжка сумаваць.
У садочку, ля альтанкі,
Засталіся сіратой
Тыя кветкі, што садзіла
Сваей белаю рукой:
Ты любіла іх, пясціла;
Палівала кожны дзень.
Асьвячаў так шчыра, моцна
Іх тут сонечны прамень…
Шчэзла ты, і кветкі ў садзе
Больш ня цешаць мне вачэй,
Толькі служаць успамінкам
Аб былой красе тваей.
|